СЛУ́ЦКІ ТРО́ІЦКІ МАНАСТЫ́Р Існаваў у 15 ст. — 1950-х г. у г. Слуцк Мінскай вобл. як правасл. мужчынскі. Размяшчаўся на левым беразе р. Случ у прадмесці Трайчаны, таму вядомы і пад назвай Трайчанскі. Час узнікнення невядомы, упершыню згадваецца ў 1455. Манастыр меў 2 царквы, жылыя будынкі і гасп. пабудовы. У гіст. л-ры прынята лічыць, што гал. храм манастыра — Троіцкая царква — пабудаваны ў 1505. Вядома, што ў 1654 царква была мураваная. У 1654—67 і ў 18 ст. манастыр моцна пацярпеў, царква амаль цалкам знішчана. У 1785—88 царква адбудавана паводле праекта і пад кіраўніцтвам арх. Ш.В.Турава ў стылі барока. Крыжова-купальны ў плане храм з дзвюма 3-яруснымі чацверыковымі вежамі-званіцамі на гал. фасадзе, на паўн. вежы быў гадзіннік. Тарцовыя сцены крылаў трансепта завершаны фігурнымі франтонамі. Над сяродкрыжжам узвышаўся аб’ём з вял. купалам на чацверыку, над ім — бельведэр, увянчаны маленькім купалам на светлавым барабане. У царкве захоўваліся цудатворны абраз Маці Божай і абраз Казанскай Маці Божай візант. пісьма, Евангелле 1582, пісанае слуцкім кн. Юрыем Юр’евічам Алелькавічам, стараж. партрэты князёў Алелькавічаў, вырабы з серабра і інш. Комплекс таксама ўключаў жылыя памяшканні: дом архімандрыта, дом для гасцей, трапезную, мураваны «скабец» са склепам, гасп. пабудовы — адрыну, стайні, бровар, калодзеж з компасам (на драўляных слупах) і інш. У 1867 узведзены мураваны манастырскі корпус з цёплай царквой св. Іаана Багаслова, у 1868 — мураваная брама, каля якой мясцілася яшчэ адна цёплая царква — Дабравешчанская. Пры манастыры дзейнічала школа граматы і рамёстваў. У 1785—1840 на тэр. комплексу размяшчалася духоўная семінарыя (з 1793 наз. Мінская духоўная семінарыя). Дакладны час закрыцця манастыра невядомы, усе будынкі разбураны.
Літ.:
Русские монастыри. М., 1995.
В.Р.Кукуня, Н.І.Пятровіч.
Слуцкі Троіцкі манастыр. Агульны выгляд Троіцкай царквы. З малюнка Н.Орды. 19 ст.